РЫ́ЧАРД I Львінае Сэрца
(франц. Richard Coeur de lion, англ. Richard the Lion-heart; 8.9.1157, Оксфард, Вялікабрытанія — 6.4.1199),
кароль Англіі [1189—99]. З дынастыі Плантагенетаў. Выхоўваўся ў Аквітаніі, дзяцінства і юнацтва правёў на Пд Францыі. Меў добрую адукацыю, віртуозна валодаў зброяй, перамагаў на турнірах. Б.ч. жыцця правёў па-за межамі Англіі, удзельнічаў у бесперапынных войнах. У час 3-га крыжовага паходу 1189—92 захапіў в-аў Кіпр і крэпасць Акру ў Палесціне. Па дарозе назад каля Вены трапіў у палон да аўстр. герцага Леапольда V, які перадаў яго герм. імператару Генрыху VI; у 1194 адпушчаны за вял. выкуп. З 1194 ваяваў з франц. каралём Філіпам II Аўгустам, які імкнуўся адваяваць землі Плантагенетаў у Францыі. Смяротна паранены ў час аблогі Шамо.
Літ.:
Добиаш-Рождественская О.А. Крестом и мечом: Приключения Ричарда I Львиное Сердце. М., 1991;
Кесслер У. Ричард I Львиное Сердце: Король. Крестоносец. Авантюрист: Пер. с нем. Харьков;
Ростов н/Д, 1997.
т. 13, с. 528
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)